21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Наша беларуская мова багатая, самабытная, непаўторная, і ў гэты дзень хлопцы ў вышыванаках сустракалі выкладчыкаў і навучэнцаў, віталі іх на роднай мове, зычылі добрага дня. На працягу дня на перапынках гучалі беларускія песні: як народныя, так і сучасных выканаўцаў, - якія сталі своеасаблівым фонам і дапоўнілі нацыянальным каларытам сённяшняе мерапрыемства. Каля кабінета беларускай мовы і літаратуры была аформлена выстава выказванняў пра мову. Юнакі з задавальненнем разглядалі выставу і дзяліліся сваімі думкамі. У каледжы адчуваўся святочны і радасны настрой!
Хлопцы выступілі ў кожнай групе, расказалі пра адметнасць і значэнне беларускай мовы для народа. Гучалі вершы, а вясёлы дзед Астап загадваў загадкі. Роднае слова гучыць у каледжы заўсёды, аб’ядноўваючы як выкладчыкаў, так і навучэнцаў, і дорыць усім радасць і чароўны настрой.
Усе пагадзіліся, што дэвіз сённяшняга дня: «Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор – мова».
Мы спадзяемся, што беларуская мова ніколі не знікне, і будзе заўжды гучаць у кожным беларускім сэрцы.